ТРАІ́СТЫ САЮ́З 1882 (ням. Dreibund),
ваенна-паліт. блок Германіі, Аўстра-Венгрыі і Італіі, які існаваў да 1 -й сусв. вайны. Склаўся на аснове аўстра-германскага дагавора 1879. Аформлены сакрэтным пагадненнем аб абароне (падпісаны 20.5.1882 у Вене на 5 гадоў) паміж Аўстра-Венгрыяй, Герм. імперыяй і Італіяй. Прадугледжваў узаемную ваен. падтрымку бакоў у выпадку магчымага нападу на адзін з іх Францыі ці Расіі, абавязацельствы не ўдзельнічаць у саюзах, скіраваных супраць аднаго з удзельнікаў дагавора, і інш. Быў важным элементам у сістэме знешнепаліт. саюзаў О. фон Бісмарка. У 1887 і 1891 дагавор прадоўжаны і дапоўнены палажэннямі на карысць Італіі. У процівагу яму ў 1904—07 утварылася Антанта. Т.с. часткова страціў значэнне пасля заключэння ў 1902 італа-франц. дагавора аб нейтралітэце, канчаткова ён распаўся на пач. 1-й сусв. вайны, калі Італія абвясціла свой нейтралітэт (1914), а потым уступіла ў вайну на баку Антанты (1915).
т. 15, с. 498
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)